Наквасаўскае чаяванне — клуб «Імбрычак» запрашае гасцей

клуб Імбрык наведалі артысты з Путчына

Імбрычак.

Упэўнена, што не ўсе ведаюць значэнне гэтага прыгожага беларускага слова. А ўжываецца яно сёння і наогул вельмі рэдка. На самой справе ўсё проста: імбрычак – гэта чайнік.

“Імбрычак» – так называецца і аматарскае аб’яднанне, чайны клуб, арганізаваны Вялікасельскім Домам народнай творчасці і аграсядзібай “Наквасы”. 8 снежня адбылося яго першае паседжанне.


Чаму чайны клуб і чаму першае паседжанне ў Наквасах?

Ужо даволі шмат гадоў у аграсядзібе “Наквасы” нарыхтоўваюць па свайму рэцэпту скрыпень (иван-чай) і частуюць ім гасцей. А літаральна на днях завяршылася афармленне адной з пабудоў у сядзібе – атрымаўся ўтульны чайны дамок. Ну як не пасядзець тут з кубачкам гарбаты за вялікім драўляным сталом разам з сябрамі, не паслухаць, як гудзе вецер у коміне прыгажуні-печы? Ідэя нарадзілася сама сабой.

На чаяванне Ала Вяргейчык і Наталія Ермаловіч запрасілі тых, хто любіць і паважае гэты напой. Кожны прыйшоў са сваімі прысмакамі і рэцэптамі. Госці дэгуставалі наквасаўскую і вялікасельскую гарбату са скрыпеню, зробленыя па адмысловых тэхналогіях. Аздаблялі іх смак рознымі зёлкамі і прыправамі. Даведаліся ад Алены Вевель, як вырасціць на сваім агародзе цыкорый і які карысны атрымліваецца з яго напой. Дарэчы, пра лекавыя зёлкі цікава расказваў Уладзімір Рыгоравіч Карлюк – даволі вядомы на Дзяржыншчыне траўнік і цікавы субяседнік.

Так здарылася, што на чаяванні прысутнічалі нечаканыя, але вельмі цікавыя госці. Па сваіх справах у Наквасах была дэлегацыя з Кітаю. Ну як маглі яны не пакаштаваць беларускі напой і не пачаставаць кітайскім, распавёўшы пра сваю чайную цырымонію! Кітайцам прыйшоўся даспадобы наш скрыпень, а беларусы ацанілі кітайскі чай.

Праўда, наша чаяванне назваць цырымоніяй цяжка, хутчэй за ўсё – талакой. За сталом было шумна і весела. А як жа іначай, калі сярод запрошаных былі баяніст і спявачкі – удзельнікі ансамбля народнай песні “Гуляначка” з Путчына? І паспявалі, і патанчылі ўсе ад душы.

У гэты суботні вечар госці даведаліся шмат новага, падзяліліся сваімі сакрэтамі, змястоўна і весела правялі час, а галоўнае – пазнаёміліся з цікавымі людзьмі. Менавіта дзеля гэтага і ствараўся клуб “Імбрычак”. Наступныя паседжанні абяцаюць быць не менш змястоўнымі і цікавымі.

Сачыце за навінамі і, калі ласка, далучайцеся!

Тамара Заблоцкая, майстар Вялікасельскага Дома народнай творчасці

Добавить комментарий