Майстры Дзяржынскага раёна на абласным свяце «Слуцкія паясы»

На абласным свяце народных мастацкіх рамёстваў “Слуцкія паясы” майстры Дзяржынскага раёна з поспехам прадставілі свае творчыя калекцыі.
У суботу, 23 верасня, у цэнтры Слуцка быў літаральна на вачах пабудаваны “горад у горадзе”. Працавалі выставы з арыгінальнымі экспазіцыямі, кірмаш, канцэртныя і гульнёвыя пляцоўкі, ладзіліся майстар-класы, вабілі пачастункі – разнастайная і насычаная праграма была распланавана на ўвесь дзень.
Яркай падзеяй свята стала дэфіле мадэляў у нацыянальных касцюмах. На галоўнай сцэне былі прадстаўлены як рэканструкцыі аутэнтычных строяў, так і дызайнерскія ўборы з этнаграфічнымі матывамі.
Творчы калектыў Дзяржынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прэзентаваў калекцыю жаночага адзення пад метафарычнай назвай “Яе красаванне”.
Беларуская жанчына-кветка прывабная ў любую сваю пару, – сцвярджае цэнтральная ідэя праекта. Дызайнер Наталля Ермаловіч прадумала і ажыццявіла адпаведныя вобразы: дзяўчынка-падлетак – гарэзлівы вясенні ручай, легкая светлая мара; маладая ў шлюбным касцюме – у ёй сустракаюцца вясна і лета, таямніца і спадзяванні; матуля – мудры Сусвет, ярчэй сонца ў ёй ззяе радасць уласнага ўвасаблення ў дзіцяці; дачушка – новае жыццё, іскрынка, зорачка, новая надзея.
Над стварэннем убораў амаль усё лета працавалі Кацярына Казакевіч, Дар’я Адамчук, Ала Балясава і Вераніка Хрышчановіч. Ва ўсіх касцюмах выкарыстаны аутэнтычны крой і рэдкая ручная вышыўка па складках, а таксама процягам.
Апладысменты і шчырыя эмоцыі гледачоў, як і станоўчыя водгукі калег пацвердзілі плён усіх старанняў майстроў. Калектыў быў адзначаны дыпломам і каштоўным падарункам.
Таксама Кацярына Казакевіч і Святлана Дубоўская сталі дыпламантамі абласнога свята-конкурсу “Беларуская лялька”, які праводзіўся ў рамках свята. Святлана прадстаўляла калекцыю абярэжнай лялькі, а падчас працы выставы стварыла яшчэ і арыгінальнага персанажа – “Знахарку”.
Кацярына працягвала працаваць над аўтарскай калекцыяй “Кася, лялька ў нацыянальным касцюме”. На яе новы твор, дарэчы, адразу знайшліся і пакупнікі. Варта было бачыць шчаслівыя вочкі маленькай жыхаркі Слуцка, якая прыціскала да сэрца сваю новую сяброўку – ляльку Касю з Дзяржыншчыны.
Рашэннем экспертнай камісіі конкурса Кацярына Казакевич адзначана як пераможца ў намінацыі “за арыгінальны падыход да стварэння лялькі”.
Свята народных мастацкіх рамёстваў “Слуцкія паясы” сёлета аб’яднала больш за 500 народных умельцаў з розных рэгіёнаў Беларусі, якія дэманстравалі свой талент у вышыванні, ганчарстве, салома- і лазапляенні, разьбе па дрэве і іншых. У іх ліку удзел у святочным кірмашы прымалі майстры з Дзяржынскага раёна Вольга Семіжон, Людміла Цімафеева, Таццяна Ахрэм і Галіна Цэлагуз з вучаніцай (прадстаўнікі бізнэс-кампаніі Петкавіцкай СШ).
Але цэнтральнае месца, зразумела, было адведзена ткацтву паясоў.
Майстры і выхаванцы Станькаўскага Дома майстроў ДУ “Дзяржынскі раённы ЦКіНТ” Ала Балясава, Вераніка Хрышчановіч, Вікторыя Сухарэўская і Анастасія Кузняцова падрыхтавалі адметную калекцыю паясоў, тканых на бердзечку. Па ацэнках спецыялістаў іх работы вылучаюцца дасканалым выкананнем і з густам падабранай каляровай гамай.
Ала Балясава ўдзельнічала і ў стварэнні вялікіга агульнага “поясу Мінскай вобласці”, што стала знакавай падзеяй усяго мерапрыемства. Падчас урачыстай цырымоніі сімвалічны выраб, нібы аб’ядноўваючы ўсіх таленавітых майстроў, удзельнікаў свята, быў перададзены на захаванне ў Слуцкі Цэнтр традыцыйнай культуры.
Дзяржынскі раённы ЦКіНТ
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Ладышаў падкрэсліў: “Свята “Слуцкія паясы” – маладое, адзначаецца трэці раз, але ўжо мае шмат прыхільнікаў. Яго ўдзельнікі – выдатныя майстры народнай творчасці”.