«Ката пячы» – традыцыя жыве ў пакаленнях

обрядовую игру «Кота печь» провели в Скирмантово

Напярэдадні каляднага паста ў Скірмантава правялі традыцыйнае ігрышча “Ката пячы”. Абрадавую вечарыну тут штогод ладзяць 27 лістапада, перад Піліпаўкай. 

Збіраюцца моладзь і старэйшыя, удзельнікі творчых калектываў Скірмантаўскага Дома культуры. Прайшоўшы шэраг ацэнак і экспертыз, у 2017 годзе гэта старадаўняя гульня атрымала статус гісторыка-культарнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Як помняць захавальнікі традыцыі, даўней “ката пяклі” у многіх вёсках Дзяржынскага раёна – Якуты, Грынкевічы, Скірмантава, Скарабагатаўшчына і інш. Па літаратурных крыніцах, наогул арэалам распаўсюджвання ігрышча з’яўляецца Мінская вобласць. Ёсць звесткі аб існаванні падобнага звычаю, у якасці каляднай гульні, і ў Вілейскім, Лагойскім, Бярэзінскім, Іўеўскім раёнах. Але акрамя таго, што скірмантаўскі “кот” мае мясцовыя адметныя асаблівасці, тут гэта традыцыя дагэтуль захоўваецца ў жывым бытаванні.

Сёлета правядзенне ігрышча «Кта пячы» ў Скірмантава фіксавалі шмат прадстаўнікоў СМІ, друку і тэлебачання, а таксама журналістка, даследчык фальклору Рэгіна Станіславаўна Гамзовіч.

Кандыдат філалагічных навук, выкладчык філалагічнага факультэта БДУ Рыма Мадэстаўна Кавалёва, пабыўшы сведкам правядзення ігрышча, адзначыла, што мяркуе пачаць сёлетнія XIV Шырмаўскія чытанні ў БДУ, прысвечаныя беларускаму фальклору, менавіта з аповеда пра скірмантаўскага “ката”. Усе назіральнікі і госці вечарыны адзначылі яскравы народны гумар пануючы сярод скірмантаўцаў. І моладзь і дарослыя абсалютна натуральна паводзяць сябе ў старадаўніх гульнях, нязмушана жартуюць, задорна выконваюць “нарэчаньку”, “стукалку-грукалку”, спяваюць ад душы, – і ўсё гэта разам так гарманічна, весела, ярка адбываецца!

Варта адзначыць актыўнае далучэнне моладзі да правядзення ў Скірмантава ігрышча “Ката пячы”. Мясцовыя хлопцы і дзяўчаты з імпэтам вывучаюць у Доме культуры беларускія народныя танцы, песні і звычаі, перададзеныя ім праз пакаленні. Ёсць спадзяванне, што і гэта добрая традыцыя будзе мець доўгі працяг.

Добавить комментарий