Баравікоўскія і томкавіцкія калядоўшчыкі: Добры вечар, шчодры вечар!

Работнікі культуры з вёсак Баравікі і Томкавічы, аб’яднаўшыся ў святочны гурт калядоўшчыкаў, правялі для землякоў калядны абрад “Шчадрэц”.
- Шчодрая куцця, ці Шчадрэц – традыцыйнае народнае свята каляднага цыклу. Шчадрэц адзначаецца ўвечары перад “старым” Новым годам, напярэдадні свята Васіля Вялікага (14 студзеня). Калядоўшчыкі ходзяць па хатах, спяваюць калядкі, у якіх славяць гаспадара і гаспадыню, зычаць сям’і здароўя, дабрабыту, добрага ўраджаю.
Абрад калядавання ўжо не адзін год праводзіцца ў гэтых мясцінах. Нягледзячы на позні час, жыхары вёсак Баравікі, Курганне, Томкавічы, Янавічы, Пабеднае не кладуцца спаць, накрываюць стол і чакаюць шчадроўшчыкаў.
А вось і яны! Гукі акардыёна, баяна, бубенчыкаў-званочкаў было чуваць здалёк. Стракатым вясёлым натоўпам у кожную вясковую хату заходзіла свята: Бабка, Цыган з Цыганкай, Мядзведзь, Механоша, Чорт, музыканты і спевакі віталі гаспадароў. А шкадлівая Каза ўжо з ганку не знаходзіла сабе ўпынку, хадзіла па хаце, капрызнічала, а потым і зусім валілася на падлогу, быццам у непрытомнасці. Усе галасілі: “Каб Каза ўстала, дайце ёй каўбасы ды сала!”. Гаспадары не скупіліся на пачастункі – давалі каўбасу, сала, цукеркі, печыва і грошы. За гэта шчадроўшчыкі віншавалі гаспадароў са святам, адоравалі іх песнямі і танцамі, добрымі шчырымі пажаданнямі.







Жыхары нашых вёсак вераць, што калі іх дом наведалі калядоўшчыкі, значыць з імі разам у хату прыйшлі шчасце, багацце, мір, згода і дабрабыт.
Работнікі Баравікоўскага і Томкавіцкага дамоў культуры робяць добрую справу – адраджаюць традыцыі нашых продкаў, дораць свята землякам. Сёлета ўдзел у правядзенні абраду прымалі Таццяна Коласава, Віктар Нядзвецкі, Ала Нядзвецкая, Сяргей Протас, Таццяна Протас, Марыя Рагоза, Аляксандр Змачынскі, Вера Ждановіч, Ніна Семянюк.
“Добры вечар, шчодры вечар – добрым людзям на здароўе!”
Жыхар вёскі Баравікі Аляксандр Змачынскі, пенсіянер